Мiжнародны дзень роднай мовы

Вы здесь

28.02.2024

21 лютага - Мiжнародны дзень роднай мовы адзначае ўся Беларусь. Гэта свята сiмвалiзуе ўзаемаразуменне, дыялог, цярплiвасць i добрасуседства, а таксама гiстарычную памяць. Бо менавiта мова — асноўны i галоўны захавальнiк нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, веры i творчасцi.

Сёлетняе свята, абвешчанае ў 1999 годзе Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА, мае дэвiз «Шматмоўная адукацыя — аснова навучання i перадачы ведаў памiж пакаленнямi».

З нагоды гэтага свята кафедра практычнай лінгвістыкі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта правяла творчую сустрэчу студэнтаў універсітэта са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Міхасём Паўлавічам Пазняковым.

Міхась Паўлавіч - паэт, празаік, крытык, мовазнаўца; аўтар больш як 100 кніг паэзіі, прозы, слоўнікаў, перакладаў; лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі і яшчэ 37 рэспубліканскіх і міжнародных прэмій і інш.

Выдатнік друку Беларусі, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Старшыня таварыства дружбы "Беларусь-Расія" М.Пазнякоў за адметны ўклад ў развіццё беларускай літаратуры ўзнагароджаны медалямі Францыска Скарыны і "За працоўныя заслугі".

Наш знакаміты госць расказаў прысутным пра сваё жыццё, дзяцінства, як прыйшоў да творчасці. Вытокі павагі да роднага слова, выхаванне ў сям’і, героі нашага часу і іншыя тэмы прагучалі на сустрэчы. Студэнты убачылі кінастужку, створаную Беларусьфільмам, пра жыццё і родныя мясціны вядомага літаратара. Міхась Паўлавіч з’яўляецца ганаровым жыхаром г.Быхаў Магілёўскай вобласці, сваёй малой радзімы.

Разам з М.Пазняковым прыйшлі вядомыя выканаўцы - артыст тэатра і кіно Сяргей Кравец і спявачка Іна Кравец. Яны выканалі музычныя творы на вершы М.Пазнякова, якіх напісана больш 250.

Сустрэча прайшла вельмі цёпла, у атмасферы адчування сапраўднай прыгажосці нашай роднай мовы і пакінула самыя добрыя ўражанні.